Филин

Кацярына Батлейка

Магда: «Для Святланы Ціханоўскай візіт ва Украіну — магчымасць паказаць, як яна дзейнічае ва ўмовах вайны»

Украінскі палітолаг пракаментаваў Філіну візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў.

— Я лічу, што значэнне візіту Святланы Ціханоўскай дастаткова недыпламатычна акрэсліў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, які сказаў, што была прапанова ад Аляксандра Лукашэнкі сустрэцца, але Украіна аддала перавагу сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.

У Ціханоўскай ёсць недахопы, і мы пра іх ведаем, але ў цяперашняй сітуацыі яна з’яўляецца, як сама сябе прадстаўляе, кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета і прыбыла ва Украіну на чале даволі значнай дэлегацыі. Што яна зможа вызначыць, якімі могуць быць наступствы гэтых перамоваў, я пакуль не ведаю, таму што працэс працягваецца. Прынамсі, адкрыюць місію беларускіх дэмакратычных сіл ва Украіне.

Яўген Магда

Разам з тым скажу, што відавочна існуе фактар таго, што ўкраінская ўлада падкрэслівае: з боку Беларусі ёсць вайсковая пагроза, таму мы, так бы мовіць, сустракаемся ў першую чаргу са Святланай Ціханоўскай, а не з Аляксандрам Лукашэнкам. Уласна сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам вялікага сэнсу няма, таму што ён паталагічны хлус і чалавек, які абяцаў, што ніколі на ўкраінскую зямлю не пойдуць танкі з беларускай тэрыторыі. Але зараз не пра гэта.

Я думаю, што гэты візіт для Украіны — магчымасць прадэманстраваць пэўныя палітычныя амбіцыі, а для Святланы Ціханоўскай — магчымасць паказаць, як яна дзейнічае ва ўмовах вайны. Бо яна ўпершыню ў сваёй кар’еры прыехала ў краіну, якая ваюе. І тыя мэсэджы, якія яна будзе агучваць, таксама, безумоўна, важныя.

Відавочна, што для беларускіх дэмакратычных сіл важна, каб Ціханоўская пабывала ў Кіеве. Гэта не столькі візіт самой Ціханоўскай, колькі візіт чалавека, які ў свеце вядомы пад бел-чырвона-белым сцягам. І гэта паказальна і важна, думаю, для еўрапейскай бяспекі ў цэлым, таму што без дэмакратычнай Беларусі бяспечнай Еўропы не будзе.