Филин

Наталля Север

Кірылюк: «Сістэма адвакатуры па ступені свабоды адкацілася вельмі далёка ўніз»

Юрыст Міхаіл Кірылюк у каментары Филину — навошта цяпер патрэбны адвакат затрыманым па палітычных справах.

Напярэдадні Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў (БРКА) абрала новае кіраўніцтва. Старшынёй рады БРКА стаў Віталь Дземідовіч. Перад гэтым з 2022 года калегію ўзначальваў Аляксей Швакаў.

ДАВЕДКА

З 2020 года больш за два дзясяткі адвакатаў зведалі крымінальны пераслед. Згодна з дадзенымі міжнароднай абсэрваторыі «Юрысты ў небяспецы» (OIAD), распаўсюджанымі Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ), чацвёра адвакатаў зазналі катаванні падчас затрымання.

Шасцёра знаходзіліся ці працягваюць знаходзіцца за кратамі.

З 2020 па 2025 год больш за 500 адвакатаў былі вымушаныя спыніць дзейнасць з-за ціску, пазбаўлення ліцэнзій або пераследу.

Такім чынам з 2,2 тысячы адвакатаў, што практыкавалі ў 2021 годзе, да пачатку мінулага году ў краіне засталося прыкладна 1,6 тысячы. То-бок колькасць судовых абаронцаў паменшылася больш як на чвэрць.

Пра сістэму адвакатуры і магчымасць атрымаць юрыдычную дапамогу затрыманым па палітычных справах «Филин» пагутарыў з адвакатам, пазбаўленым ліцэнзіі, юрыстам Міхаілам Кірылюком.

Фота: НАУ

— Што наогул зараз адбываецца з сістэмай адвакатуры ў Беларусі?

— У мяне няма тут суцяшальных навінаў. Там ніякіх змен: сістэма адвакатуры падпарадкавана Мінюсту, ім маніторыцца і кантралюецца. Усё, што датычыцца палітычных спраў, на сённяшні дзень, як і раней, знаходзіцца пад пільным кантролем уладаў.

У выніку ўсяго, што адбываецца, сістэма адвакатуры па ступені свабоды адкацілася вельмі далёка ўніз у параўнанні з тым, якой яна была да 2020 года.

Улічваючы гэта, не думаю, што змена старшыні калегіі мае нейкае значэнне.

— Вы кажаце, што ўлады пільна сочаць за кожнай палітычнай справай. А ці трэба наогул зараз шукаць адвакатаў тым, каго затрымалі па такіх справах?

— Лічу, што ўсё ж сёння ёсць карысць ад адваката, нават пры тым, што вядома пра яго вельмі абмежаваны памер уплыву. Але ёсць некаторыя рэчы, дзеля якіх варта наймаць адваката.

Па-першае, для таго, каб арганізаваць камунікацыю з блізкімі, расказаць сваякам пра ўсе дэталі: як перадаваць перадачы, як арганізаваць быт у месцах пазбаўлення волі і г.д.

Асабліва тое важна ў першы час, калі ўсе знерваваныя, напужаныя, разгубленыя і нічога пра гэта не ведаюць. Адвакат можа ўсё растлумачыць.

Па-другое, адвакат можа спыніць затрыманага падчас допыту, каб той не нагаварыў на сябе больш, чым вядома сілавікам. Напрыклад, чалавека затрымліваюць па аднаму эпізоду і кажуць, быццам бы нам вядома ўсё, расказвай усё. Бывалі выпадкі, калі чалавек сапраўды пачынае расказваць лішняе.

Па-трэцяе, адвакат можа хадайнічаць аб змякчэнні пакарання па нейкіх гуманітарных прычынах, такіх як стан здароўя, ці наяўнасць сваякоў з дрэнным станам здароўя, якія патрабуюць догляду і інш.

— Вы кажаце, што адвакаты могуць паўплываць на змякчэнне пакарання. Але мяркуючы па таму, што мы бачым у канвееры рэпрэсій, па палітычных артыкулах судзяць і людзей пенсійнага ўзросту, і хворых, і маці непаўналетніх, і саміх непаўналетніх. Ці вядомыя выпадкі, калі адвакаты сапраўды дапамаглі?

— Безумоўна, зараз ні ў адным прысудзе вы не знойдзеце інфармацыі, што нехта атрымаў, напрыклад, 3 гады замест 5, таму што адвакат напісаў добрае хадайніцтва.

Але я магу сказаць, што ўсе аргументы, якія даюцца суду, можна разбіць на катэгорыі. Сярод іх самы відавочны, зразумела, што гэта не злачынства. Але, вядома, ён не будзе прыняты судом.

Тое, што чалавек гэтага не рабіў, хутчэй за ўсё таксама не будзе пачута. А вось тое, што чалавек, якога ў абвінавачваюць, мае наступныя захворванні, родных, састарэлых ці з нейкімі цяжкімі хваробамі, з'яўляецца падставай, каб пакаранне было лягчэйшым, чым у тых выпадках, дзе такіх аргументаў няма ці іх няма каму агучыць.

— З улікам таго, колькі адвакатаў страцілі ліцэнзію праз пераслед, ці засталіся тыя, хто не проста пагадзіцца, але сапраўды будзе шчыра спрабаваць дапамагчы затрыманаму па палітычных прычынах?

— Ёсць розныя адвакаты. Ёсць тыя, хто адносіцца абыякава, ёсць тыя, хто сапраўды нават у гэтым вельмі абмежаваным калідоры ўплыву імкнецца неяк дапамагчы.

Не магу сцвярджаць, што наогул сумленных добрых адвакатаў не засталося. Наадварот, упэўнены, што засталося дастаткова людзей, якія ладна робяць сваю працу нават у гэтых умовах і імкнуцца дапамагаць, але ж вядома, што яны не могуць падаць віду, бо гэта будзе звальненне з прафесіі ў лепшым выпадку.

Таму звяртацца да адваката ёсць сэнс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)