Политика

Цыганкоў: «Мігранты ідэальна пасуюць для існуючай сістэмы»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаму нават пры эканамічных стратах Лукашэнка не адмовіцца ад мігрантаў. 

— А давайце задумаемся, навошта Лукашэнка ўжо не першы раз гэтак настойліва кліча мігрантаў у Беларусь, — піша Віталь Цыганкоў. — Нават калі гэта эканамічна не надта выгадна — як паказвае прыклад узбекаў, якім будуць плаціць больш за беларусаў.

Віталь Цыганкоў

Узбекскія працоўныя мігранты, якія прыехалі на запрашэнне Лукашэнкі ў Віцебскую вобласць, паскардзіліся ў сацсетках на нізкія заробкі і ўмовы пражывання. І ўжо на наступны дзень з імі заключылі новыя дамовы. Пасля публікацыі відэа ў сацсетках працоўным мігрантам з Узбекістана павялічылі заробак з 500$ да 700$. Згодна з новай дамовай ім дадуць бясплатныя жыллё і абеды, піша узбецкая прэса.

«700 даляраў з пражываннем і кармленнем – гэта недасягальная мара для многіх беларусаў на вёсцы», – справядліва пішуць людзі ў каментарах. Сапраўды, 700 даляраў у месяц – гэта медыяльны заробак у Беларусі, але ў рэгіёнах, і тым больш на вёсцы, гэта даволі вялікая і рэдкая сума.

І дарэчы, можна ўявіць, што сёння было б з нейкай групай беларусаў, якія публічна запатрабавалі б справядлівых умоў працы і падвышэння заробку – відавочна, на іх абрынуліся б рэпрэсіі ў той ці іншай форме. А вось узбекам улада адразу пайшла насустрач і дала ім заробкі, відавочна большыя чым сёння ў беларусаў на вёсцы.

Ва ўсіх краінах сэнс прыцягнення мігрантаў у наступным: гэта танная працоўная сіла, яны працуюць там, дзе мясцовыя не хочуць. Аднак 700 даляраў плюс пражыванне і харчаванне – гэта агулам ніяк не менш за тысячу даляраў. Гэта нашмат болей, чым маюць сярэднестатыстычныя беларусы.

Значыць, гэта не выгадна толькі чыста эканамічна.

І гэта прымушае задумацца, што ў запрашэнні грамадзян Узбекістана ды іншых краін працаваць у Беларусь схаваны не толькі эканамічны сэнс. Але – які?

Па-першае, улады спрабуюць «любым коштам» закрыць востры дэфіцыт рабочых рук. З Беларусі пасля 2020 года выехалі сотні тысяч працаздольных людзей – і гэта на фоне дэмаграфічнага крызісу. У выніку ў многіх галінах – будаўніцтве, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце – вакансій значна больш, чым ахвотных працаваць.

Апошнія тры гады даходы беларусаў растуць (а рэнтабельнасць прадпрыемстваў падае) – пераважна таму, што і дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы вымушаныя плаціць усё больш тым, «хто застаўся» ў Беларусі. Таму нават не такая і танная працоўная сіла з Узбекістана лепш, чым нічога, чым пустыя працоўныя месцы.

Па-другое, запрашэннем у Беларусь Лукашэнка кожны раз спрабуе зрабіць прыемнае кіраўнікам азіяцкіх краін падчас перамоў, дзеля спрыяльных палітычных адносін з гэтымі дзяржавамі – не важна, наколькі гэта рэалістычна. Пакістанцаў зваў 150 тысяч, за год даехала пакуль 200 чалавек. Але калі ўжо запрасіў і яны даехалі, як ўзбекі – то прыходзіцца выконваць абяцанні нават насуперак эканамічным рэаліям, даваць ім 1000 даляраў у месяц.

Але, напэўна, самае галоўнае — Лукашэнка ўжо некалькі гадоў займаецца замяшчэннем чалавечага капіталу. Менскі рэжым усё больш настойліва запрашае ў Беларусь працоўных мігрантаў – гэта ўжо можна назваць зацверджанай стратэгіяй, якая ажыццяўляецца намаганнямі ўсёй дзяржаўнай машыны. Яны вырашылі нават не спрабаваць вярнуць тыя сотні тысячаў беларусаў, якія з’ехалі пасля 2020 года — замест гэтага запрашаць мігрантаў.

Мігранты ідэальна пасуюць для існуючай сістэмы. Яны не схільныя ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці краіны. Іх галоўная мэта – зарабіць грошы. Для аўтарытарнай дзяржавы гэта даволі камфортная катэгорыя насельніцтва: не патрабуюць палітычных правоў, не ўдзельнічаюць у выбарах, баяцца ўладу.

Таму галоўны сэнс цяперашняй міграцыйнай палітыкі – стабілізацыя існуючай эканамічнай, ды і палітычнай мадэлі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(5)