Политика

Ціханоўская: «Наша пазыцыя ў тым, што зараз ніякім чынам ня час паслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ні ва Ўкраіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы»

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтавала нефармальны ліст, які Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паслаў уладам Літвы, Польшчы і Ўкраіны. Гутарка адбылася падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Празе.

— Мы павінны разумець, што гэты ліст — не інструкцыя для кіраваньня палітыкай. Гэта можа быць прапанова. Але, вядома ж, нашы амэрыканскія партнэры добра разумеюць, што кожная краіна сама прымае рашэньне, як камунікаваць ці не камунікаваць з Лукашэнкам, бо тут вельмі шмат інтарэсаў закранута. Гэта перш за ўсё бясьпека.

Вядома ж, наша пазыцыя ў тым, што зараз ніякім чынам ня час паслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ні ва Ўкраіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы. Бо калі ў Беларусі дагэтуль працягваюцца рэпрэсіі, дагэтуль саджаюць людзей, то ні пра якія сыстэмныя зьмены, якіх мы дабіваемся, гаворкі быць ня можа.

Бясьпечная і вольная Беларусь таксама ў інтарэсах нашых суседзяў. Яны не наіўныя і яны таксама разумеюць, што пакуль там Лукашэнка, балёны лётаюць над Літвой, у Беларусі дэманструюць «Арэшнік» і ядзерную зброю, праводзяць вучэньні. Здымаць тут санкцыі — гэта не падыход.

— Аднак ЗША ўжо зьнялі санкцыі ўласна зь «Беларуськалію». І калі прадстаўнік прэзыдэнта Трампа Джон Коўл прыяжджае ў Беларусь і размаўляе з Лукашэнкам, ён гаворыць пра магчымасьць зьняць санкцыі ў абмен на вызваленьне палітвязьняў. Ці значыць гэта, што вы больш падтрымліваеце падыход Эўразьвязу, што з рэжымам ня варта размаўляць і варта захоўваць санкцыі?

— Мы вельмі ўдзячныя за намаганьні ЗША вызваляць людзей, бо людзі ў турмах паміраюць, людзі ў вельмі цяжкім стане. Я ўпэўнена, што ў Злучаных Штатаў Амэрыкі дастаткова моцы, каб вызваліць усіх людзей.

Гэта і пэрсанальная сіла прэзыдэнта Трампа, і яго інструмэнты, якімі ён карыстаецца.

— Але калі для гэтага трэба будзе зьняць і транзытныя санкцыі Літвы, Украіны і Польшчы?

— Гуманітарны трэк вызваленьня людзей — гэта амэрыканскі трэк. Мы павінны разумець, што краіна можа прапаноўваць нейкія крокі іншым краінам, але не павінна аказваць ціск. І гэта таксама пазыцыя ЗША.

Мы пра гэта шмат разоў размаўлялі з Амэрыкай, з Джонам Коўлам, з [намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША] Крысам Сьмітам. І таму павінна дзейнічаць формула, якую мы выпрацавалі, што амэрыканскія санкцыі дзеля вызваленьня людзей, а эўрапейскія дзеля вызваленьня краіны.

Цяпер адбываецца нават больш эскаляцыі з боку рэжыму — немагчыма нават разглядаць такую магчымасьць зьняцьця санкцыяў. Нашы эўрапейскія партнэры добра гэта разумеюць.

Мы, вядома ж, падымем гэтае пытаньне падчас сустрэчаў ва Ўкраіне, але я ўпэўнена, што там ня будзе ніякага апэтыту на зьняцьце санкцыў, бо вось толькі нядаўна ўводзіліся новыя.

І Ўкраіна, як ніхто іншы, разумее, што толькі сыстэмным ціскам на беларускі рэжым, на Расею можна іх спыніць у іхных агрэсіўных дзеяньнях.

Таму кожная краіна абірае свой шлях. Я ўдзячная Эўропе за іх прынцыповасьць, за іх сыстэмнасьць і за іх добрае разуменьне сытуацыі вакол Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)