Ціханоўская: «Я не думаю, што мы мусім патрабаваць ад людзей размаўляць па-беларуску. Трэба вельмі мякка навучыць іх любіць родную мову»

Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская працягнула тэму, узнятую нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.

Святлана Ціханоўская ў Беластоку

У часе сустрэчы з беларусамі Беластока Святлану Ціханоўскую папрасілі выказацца ў працяг дыскусіі, якую справакавалі словы нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага пра беларускую мову.

— Я ўпэўненая, што каб нам захаваць беларушчыну, захаваць Беларусь, нам самім патрэбна як мага больш быць беларусамі. Я не думаю, што мы мусім патрабаваць ад людзей размаўляць па-беларуску. Трэба вельмі мякка навучыць іх любіць родную мову. Праз кнігі, дзякуючы размовам адзін з адным па-беларуску, — падкрэсліла лідарка дэмакратычных сілаў.

Ціханоўская адзначыла, што ёй самой даводзіцца рэгулярна карыстацца расейскай, але пры гэтым яна ўсё часцей у штодзённай працы размаўляе па-беларуску.

Пад прымусам нічога не атрымаецца, перакананая палітык. Патрэбная папулярызацыя праз медыя, папулярныя блогі. І тут варта прыгадаць вялікі ўнёсак у асветніцкую працу Мікіты Мелказёрава.

— Гэта залежыць ад чалавека — будзе ён глядзець беларускамоўны кантэнт, ці рускамоўны. На якой мове ён возьме кнігу. Тут ужо не навяжаш, гэта самасвядомасць чалавека. Але я тут перакананая, што мы павінны не толькі захаваць, але і ўзмацніць беларушчыну.

Ціханоўская ўпэўненая, што ў вольнай Беларусі праз адно-два пакаленні беларуская мова вернецца ў шырокі ўжытак.

— Але тут я хачу падкрэсліць: гэта рашэнне і абавязак кожнага чалавека. Калі вы лічыце, што гэта важна для вас, важна для Беларусі, то вы проста будзеце гэта рабіць, будзеце карыстацца роднай мовай. 

Нагадаем, што ў часе вялікай размовы з праваабаронцам Алесем Бяляцкім у Варшаўскім універсітэце была ўзнятая тэма выжывання беларускай мовы. Сярод іншага ён адзначыў:

— Я перакананы, што калі мы не будзем карыстацца беларускай мовай, калі не будзем на ёй пісаць, выдаваць кнігі, думаць і гаварыць, то мы проста паступова размыемся. Гэта не нейкая абстрактная пагроза — гэта цалкам рэальная перспектыва. Нас могуць расцягнуць, асіміляваць, і ў выніку мы страцім сябе. Таму для мяне пытанне мовы — гэта пытанне захавання нацыі ў бліжэйшай будучыні, нават у перспектыве некалькіх дзесяцігоддзяў.

Нагадаем, раней словы нобелеўскага лаўрэата — «Калі ж гаворка ідзе пра рускую мову, то тут я бачу іншае месца і іншы кантэкст. Кнігі па-руску могуць існаваць, але лагічна, каб яны выдаваліся ў той культурнай прасторы, дзе гэтая мова з’яўляецца дамінуючай, напрыклад у Расіі» — выклікалі шырокую дыскусію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)