«Давайце параўнаем і задумаемся. У СССР было 800 палітвязняў. У Беларусі яшчэ год таму было нашмат болей»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра тое, ці спыняцца рэпрэсіі.

– Учора беларусы свету адзначалі Дзень салідарнасці з палітвязнямі, у гадавіну смерці Вітольда Ашурка, – піша Цыганкоў. – У росквіце «застою», у 1980-х, да пачатка «Перабудовы», у СССР было каля 800 палітвязняў.

Большасць з іх былі ўкраінцы, асуджаныя за так званы «украінскі нацыяналізм». Прытым паводле сённяшніх крытэрыяў не ўсе з гэтага спісу былі б афіцыйна прызнаныя палітвязнямі.

Давайце параўнаем і задумаемся. У 290-мільённай аўтарытарнай краіне было 800 палітвязняў.

Віталь Цыганкоў

У сённяшняй 9 мільённай Беларусі – яшчэ год таму было нашмат болей, каля паўтары тысячы. І нават сёння пасля некалькіх хваляў вызваленняў, застаецца каля 800 прызнаных праваабаронцамі палітычных зняволеных – хаця ў рэальнасці іх безумоўна, нашмат болей.

Так што па ступені рэпрэсіўнасці менскі рэжым далёка абагнаў позні Савецкі Саюз, які амерыканскі прэзідэнт Рональд Рэйган назваў «імперыяй зла».

Часам задаюцца пытанні – навошта Лукашэнка працягвае палітычныя рэпрэсіі, калі ў сённяшняй сітуацыі ніякія масавыя пратэсты ўнутры Беларусі не выглядаюць магчымымі.

Для Лукашэнкі палітычныя рэпрэсіі – гэта не толькі ягоная псіхалагічная рэакцыя на пратэсты 2020 года, але адзіна надзейны спосаб утрымання сістэмы ўлады.

Задача рэпрэсій – не толькі пакараць канкрэтных людзей, але і стварыць атмасферу страху, у якой людзі пазбягаюць любой не ўхваленай уладамі палітычнай актыўнасці.

Другі матыў – кантроль над наменклатурай, дзяржаўным апаратам. Рэпрэсіі як для «звычайных грамадзян», так і для людзей з пэўнай пасадай павінны дэманстраваць чыноўнікам, сілавікам і бізнесу, што сістэма чакае безумоўнай і поўнай лаяльнасці.

У аўтарытарных рэжымах гэта важна: страх пакарання павінен працаваць не толькі на апазіцыю, але і на падпарадкаванне ўнутры самой вертыкалі.

Акрамя таго, рэпрэсіі паступова сталі часткай новай ідэалогіі дзяржавы. Лаяльнасць разумеецца ўжо не толькі як адсутнасць супраціву, а ўсё больш як актыўная і публічная падтрымка.

Пры гэтым улада, у адрозненні ад некаторых публіцыстаў, бачыць, што «рэпрэсіі працуюць», то бок прыносяць неабходны вынік: пасля 2020–2021 гадоў масавыя вулічныя пратэсты ў Беларусі сапраўды былі задаўленыя.

У выніку эвалюцыі рэжыму для Лукашэнкі рэпрэсіі сталі не часовай мерай, а сталым механізмам стабілізацыі сістэмы, якая ўсё больш абапіраецца менавіта на кантроль і прымус.

Аптымістычныя публіцысты ў 2020 годзе казалі нам, што «мы ўжо перамаглі» і што на «штыках доўга сядзець нельга». Аказалася – можна.

Пры гэтым я не лічу на ўсе 100 працэнтаў адназначнай распаўсюджаную думку, што «пры гэтым рэжыме масавыя рэпрэсіі будуць заўсёды». Не выключаная такая сітуацыя, калі плюсы ад нармальных адносінаў з Захадам, зняцця санкцыяй, прыходу інвестыцыяў будуць настолькі прывабнымі, што пераважаць іншыя матывы.

Аднак праблемка ў тым, што масавыя рэпрэсіі асабліва не патрэбныя, калі ёсць электаральная падтрымка, калі ёсць рэйтынгі. Калі гэтага няма – тады аслабленне рэпрэсіяў становіцца фактарам рызыкі.

Таму нават у нейкім аптымістычным варыянце – спыніць рэпрэсіўную машыну, развярнуць дзяржаўны апарат у бок «лібералізацыі» зараз уладам нават пры іх жаданні будзе нашмат больш складана, чым гэта было раней, напрыклад, у 2015 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)