Пашкевіч: «Прапанова Пуціна аб перамір'і «на перыяд Дня Перамогі» — вельмі хітрая і падступная»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч — пра сапраўдную мэту «гуманістычнай» прапановы гаспадара Крамля.

— Прапанова Пуціна аб перамір'і «на перыяд Дня Перамогі» — вельмі хітрая і падступная, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Па вялікім рахунку, спыненне агню ўсяго на пару-тройку дзён асаблівай пагоды ў ваенным сэнсе нікому не робіць, гэта можна без праблем сабе дазволіць.

А парад у Маскве нават без тэхнікі не надта ўтульна праводзіць, калі ёсць небяспека, што нешта ўкраінскае возьме ды прыляціць падчас яго і ўнясе карэктывы ў план. Ды нават калі і не на саму Красную плошчу прыляціць і нават не ў Маскву, але калі ў гэты дзень на любыя іншыя важныя аб'екты будуць паспяховыя атакі — ужо свята псуецца.

Аляксандр Пашкевіч

І таму няма сумневу, што адзіная мэта гэтай «гуманістычнай» прапановы — толькі забяспечыць спакой падчас прапагандысцкай акцыі. Бо гэтым па тыпу перамір'ем ты не надта абмяжоўваеш сябе (можна ж устрымацца на пару дзён ад буйных прыкметных удараў, але працягваць не такія прыкметныя драбнейшыя, не кажучы пра гібрыдную вайну), але затое вяжаш па руках і нагах украінцаў.

Паколькі яны, у адрозненне ад Крамля, не могуць сабе дазволіць раскошы расцвяліць Трампа і будуць змушаныя, сціснуўшы зубы, на пуцінскую падступную прапанову пагаджацца, цалкам разумеючы, для чаго яна зроблена.

Тым больш што нарцыс з Белага дома прагназавана на ўсё павёўся і ўжо абвясціў, што перамір'е ў гэтыя дні нібыта нават не пуцінская, а ягоная асабістая ідэя. Таму на яе не пагаджацца і пярэчыць ужо і зусім небяспечна.

Характэрна, што і зробленая прапанова аб перамір'і менавіта асабіста Трампу, а не Зяленскаму ці ўвогуле ўкраінскім уладам, хоць апошняе нібыта было б больш лагічна. І Пуцін для гэтага нават пазваніў у Вашынгтон першы.

У чым-чым, а ў псіхалагічнай вайне там цудоўна разбіраюцца і добра разумеюць, на які кручок можна гэтага дзеда злавіць і зрабіць сваім інструментам. Думаю, што мядовых кампліментаў на свой адрас ён сёння добра наслухаўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)