Филин

Кацярына Батлейка

«Ёсць пэўная карэляцыя паміж колькасцю дронаў, якія залятаюць у Беларусь, і колькасцю дронаў, якія запускае Расія па Украіне»

Эксперт па бяспецы Аляксандр Казак пракаментаваў Филину апошнія залеты беспілотнікаў на тэрыторыю Беларусі.

Нагадаем, днём 2 чэрвеня ў Слуцку ўпаў дрон. Пазней «Флагшток» змог даведацца пра дакладнае месца падзення. На наступны дзень, па звестках канала Рэальная Беларусь дрон таксама ўпаў ў Чавускім раёне і патрапіў у гараж.

— Мірнае неба над Беларуссю ўжо даўным-даўно — усё. З 24 лютага 2022 года думкі пра мірнае неба — гэта ілюзіі і самападман, — кажа эксперт па бяспецы Аляксандр Казак у каментары Филину. — Калі Беларусь пачала ўдзельнічаць у паўнамаштабным уварванні ва Украіну, то беларускім уладам трэба лічыцца з тым, што могуць быць прыняты меры ў адказ.

Аляксандр Казак

— Мадзяр (камандуючы ўкраінскімі беспілотнымі войскамі Роберт Броўдзі – Ф. ) нядаўна сказаў, што ўжо вызначаныя беларускія мэты, па якіх могуць быць нанесеныя ўдары. Я толькі вярнуся да рэалізму: ва ўмовах вайны любы Генштаб разглядае гэту магчымасць даўным-даўно.

Вядома, тое, што сказаў Мадзяр — гэта для чырвонага слоўца, але ўкраінцы таксама глядзяць, куды нанесці ўдар на тэрыторыі Беларусі ў выпадку новай лукашэнкаўскай агрэсіі.

Разам з тым ёсць пэўная карэляцыя паміж колькасцю дронаў, якія залятаюць у Беларусь, і колькасцю дронаў, якія запускае Расія па Украіне. Вядома, што яны збіваюцца з курсу, падбіваюцца і г.д. І чым больш дронаў лётае ў паветранай прасторы ў вайсковых мэтах, тым больш з'яўляецца на тэрыторыі Беларусі.

Украінскі сапёр каля расійскага дрона. Фота: Dsns.gov.ua

Пару дзён таму паўтары тысячы дронаў ляцела ў бок Украіны. Улічваючы ўкраінскі адказ, гэта колькасць набліжаецца да двух тысячаў у паветранай прасторы рэгіёна. Адпаведна, 2-3-4 дрона могуць праз памылку заляцець у Беларусь, гэта трэба разумець.

Беларускія ўлады ніколі асабліва не каментавалі падзеі, звязаныя з падзеннем дронаў. Або гэта было выпадкова. Канешне, бо яны намагаюцца трымаць фасад дабрабыту: што ўсё ў парадку, мы дбаем пра бяспеку, каб не дапускаць сацыяльных хваляванняў.

Паўплываць на тое, каб Пуцін менш атакаваў Украіну дронамі, якія таксама залятаюць на тэрыторыю Беларусі, Лукашэнка не можа, лічыць эксперт:

— Бо ён вельмі моцна залежыць ад Пуціна. Канешне, можна прасіць і спрабаваць неяк дамаўляцца. Мы бачым па мапах, што звычайна дроны ляцяць па тэрыторыі Украіны ўздоўж беларускай мяжы. Не праз беларускую тэрыторыю.

Таксама калі палічыць, колькі дронаў запускаецца ўвогуле і колькі з іх залятае на тэрыторыю Беларусі, то гэта вельмі маленькі адсотак (1% ці нават меней). І Лукашэнка не ў той сітуацыі, каб прасіць Пуціна аб нейкіх саступках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)